Необычайные металлические скульптуры!

Дорыць натхненне жыццё.

Калі вам давядзецца быць у мікрараёне «Навадворцы» ў Слуцку, не палянуйцеся зазірнуць там на невялікі вадаём. Пераканана, убачанае не пакіне вас раўнадушнымі: вы трапіце ў дзіўны ўладкаваны куточак, «населены» незвычайнымі металічнымі персанажамі. На беразе забаўны рыбак вудзіць рыбку, быццам на імгненне на камяні прызямлілася бліскучая птушка, вылезла пагрэцца на сонейку рухавая яшчарка, каля пешаходнай дарожкі прыпыніўся казачны цягнічок. А яшчэ вы ўбачыце, як магутны асілак перамагае злоснага дракона. Гэта далёка не поўны пералік садовых металічных скульптур, размешчаных на ўладкаванай мясцовымі жыхарамі пляцоўцы. Аўтарам і скульптарам гэтых цудоўных арыгінальных работ з’яўляецца случчанін Дзмітрый Анатольевіч Жаркоў.

Для ўраджэнца Падмаскоўя Расійскай Федэрацыі Случчына стала другой радзімай – пасля завяршэння службы ў чыгуначных войсках падпалкоўнік запасу Дзмітрый Анатольевіч Жаркоў (за сваю службу мае ўзнагароды) застаўся ў Слуцку, уладкаваўся на работу на адно з прадпрыемстваў. Вольны ад працы час гэты чалавек аддае свайму захапленню – стварэнню металічных скульптур.

Работай з металам пачаў займацца каля чатырох гадоў таму, – расказвае Дзмітрый Анатольевіч. – Аднойчы вырашыў паспрабаваць сябе ў гэтай справе і, як гаворыцца, яна мяне «зацягнула». Цяпер не праходзіць і дня, каб я не працаваў у сваёй майстэрні. Схільнасць да такога роду заняткаў у мяне, відаць, з дзяцінства, хлопчыкам наведваў мастацкую школу. А падчас службы ў арміі ў вольны час упрыгожваў сцены казармаў пейзажамі. Лічу, што мы самі можам уносіць у жыццё новыя элементы прыгажосці, незвычайныя фарбы. Як паказвае практыка, творчасць можна праяўляць нават у самай будзённай справе.

У майстэрні Дзмітрыя Анатольевіча, быццам зачараваная, я замерла на некалькі хвілін – на мяне пазіраў ласкавым, добрым позіркам цуда-алень. Вельмі захацелася яго пагладзіць, дакрануцца да грацыёзных рагоў, горда ўзнятай галавы. Скульптура «выпраменьвала» столькі натуральнасці і пяшчоты, што я не адчула холаду металу. Ну, проста Сярэбранае капытца з казкі! Гэта адна з новых работ Дзмітрыя Анатольевіча, як і скульптура магутнага дзіка, якая размяшчалася на іншым рабочым стале майстра. Усяго ім зроблена больш за 50 разнастайных скульптур і вырабаў з металу. Усе яны выкананы ў асаблівай, – «аўтарскай» манеры, якая ў пэўнай ступені перадае светапогляд гэтага чалавека, яго душэўны настрой. Скульптуры Дзмітрыя Анатольевіча «нясуць» розную эмацыянальную афарбоўку – сур’ёзную, глыбокую, задуменную, а то – вясёлую, гарэзлівую, іранічную. Сярод работ – незвычайныя кветнікі ў выглядзе звяроў, арыгінальных масак, цягнічкоў, веласіпедаў, скульптуры прадстаўнікоў флоры і фаўны. З майго пункту гледжання, сваёй маштабнасцю і філіграннасцю асаблівай увагі заслугоўвае ўжо ўказаная скульптура на беразе вадаёма, сімвалізуючая перамогу дабра над злом, –«Георгій-перамаганосец» – так назваў яе Дзмітрый Анатольевіч. Адметна, што адна з галоўных умоў творчасці падпалкоўніка Жаркова – «ніякіх паўтораў». Гэта значыць, што кожная яго работа – эксклюзіўная, абавязкова чымсьці адрозніваецца ад папярэдняй. Многія скульптуры Дзмітрыя Анатольевіча ўпрыгожваюць прысядзібныя ўчасткі, дамы яго сяброў і знаёмых, жыхароў Случчыны. Сваё захапленне Д.А. Жаркоў рэалізуе ў рамках рамеснай дзейнасці.

У майстэрні скульптара па металу я ўбачыла нямала эскізаў, чарцяжоў, да кожнай сваёй работы ён падыходзіць скрупулёзна, узважана, а галоўнае – з вялікай фантазіяй:

– Кожная работа патрабуе часу, якая – месяц, а якая – і тры, і чатыры. Навыкамі кавання, зваркі металу авалодваў з дапамогай сяброў і знаёмых, у тым ліку майго цёзкі зваршчыка Дзмітрыя Анатольевіча Ігралава. Шмат карыснай інфармацыі пра новыя тэхналогіі апрацоўкі металу атрымліваю з Інтэрнэта. «Сыравіна» для скульптур – рэшткі металу, металічных вырабаў. Іх нярэдка прывозяць мае сябры. А натхненне дорыць само жыццё. Усім нам трэба быць больш уважлівымі і назіральнымі да прыроды, наваколля. І яно «адкрыецца» нанова… Не ведаю, як вы, а я перад людзьмі захопленымі, апантанымі, дзейнымі, творчымі «здымаю капалюш», – лічу, што менавіта яны «рухаюць» жыццё.

Да такіх адносіцца Д.А. Жаркоў. Нераўнадушша і цікаўнасць у свой час падштурхнулі гэтага чалавека да добраўпарадкавання набярэжнай каля невялікай сажалкі насупраць дома. Дзмітрый Анатольевіч, яго жонка, суседзі – сем’і Жыціных, Гушчыных не чакалі, калі для гэтай работы знойдуцца магчымасці ў камунальнай службы. Уладкавалі месца для адпачынку ўласнымі сіламі – зрабілі масток, пасадзілі дрэвы, у тым ліку бярозы і кедр, а таксама кветкі. А дзякуючы скульптурам Д.А. Жаркова гэта месца набыло адмысловую атмасферу, дзе можна не толькі з прыемнасцю адпачыць, але і атрымаць эстэтычнае задавальненне. Асабліва палюбіла гэта месца дзетвара. Любіць тут бываць і Дзімка, чатырохгадовы ўнучак Дзмітрыя Анатольевіча, калі прыязджае да дзядулі ў госці. А вось дарослыя адпачываючыя паводзяць сябе не заўсёды культурна, некаторыя скульптуры даводзілася аднаўляць замест украдзеных.
У планах Д.А. Жаркова – не спыняцца на дасягнутым, майстар плануе больш складаныя работы, напрыклад, скульптуру мядзведзя. Пераканана, што і іншыя новыя творчыя работы гэтага чалавека парадуюць сваёй крэатыўнасцю, эстэтыкай, мастацкай пранікнёнасцю.

 

Источник - газета "Слуцкий Край"

10.11.2012

Самое читаемое на сайте за последние дни

Поделиться в соц. сетях: