З Васілём Цішкевічам, навуковым супрацоўнікам Слуцкага краязнаўчага музея, мы знаёмыя даўно, адзначае журналiст выдання "Звязда". З вялікай цікавасцю ён сочыць за яго газетнымі публікацыямі, прысвечанымі ваеннай гісторыі Слуцкага раёна. Улічваючы дасведчанасць даследчыка слуцкай гісторыі ў самых розных пытаннях, пагутарылі увогуле пра некаторыя аспекты краязнаўчай працы.
— Васіль, вы даўно працуеце на ніве краязнаўства. Што для вас галоўнае ў гэтым занятку — рыхтаваць на пэўным рэгіянальным матэрыяле публікацыі для друку альбо ствараць аснову музейнай экспазіцыі ці проста папаўняць зборы раённага краязнаўчага музея па той ці іншай тэме? Ці, можа быць, цэментаваць, абгрунтоўваць падставы для экскурсіі ў канкрэтны адрас? Ці проста рабіць адкрыцці, высвятляць гістарычную ісціну?
— Для мяне, лічу, асноўнае ў працы навуковага супрацоўніка — гэта і збор матэрыялаў, якія папаўняюць фондавыя калекцыі, што ў сваю чаргу дае нам магчымасць выбраць экспанаты для стварэння новых экспазіцый у нашым краязнаўчым музеі пасля капітальнага рамонту асноўнага будынку, і правядзенне экскурсій, арганізацыя новых выстаў, правядзенне педагагічных заняткаў сярод школьнікаў, і падрыхтоўка матэрыялаў для сродкаў масавай інфармацыі. Разам з традыцыйным зборам і захаваннем інфармацыі краязнаўцы яшчэ займаюцца пошукавай і даследчай работай. Вы ж і самі разумееце, наколькі аб’ёмная краязнаўчая праца. Возьмем тую ж тэму генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны... Яна не павінна знікнуць, бо ўсё больш настойліва праяўляюцца памкненні перапісаць гісторыю народнай трагедыі. І дзеля гэтага варта выкарыстоўваць усемагчымыя фарматы краязнаўчай працы.
— Чым вы асабіста кіраваліся, вылучаючы свае зацікаўленні да краязнаўчай працы? Што было для вас пачаткам?
— Я мяркую, што ўжо кожны чалавек — краязнаўца ў рознай ступені. Усе мы хочам даведацца аб сваім паходжанні, аб сваіх карэннях. Затым пачынаем цікавіцца гісторыяй свайго горада, вёскі, краю. Па прафесіі я гісторык, нарадзіўся ў Слуцкім раёне, тут жыву і працую. Мая родная вёска Апаліны, як і яшчэ каля 40 вёсак раёна, была спалена фашысцкімі карнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Таму пошук тых людзей, якія былі сведкамі гэтых жудасных падзей, і сталі мэтай майго жыцця, а не проста краязнаўчым заняткам. І вялікая колькасць часу займае пошук розных звестак, сведкаў падзей па краінах былога Савецкага Саюза, запіс успамінаў людзей, якія бачылі ўсё на свае ўласныя вочы. На жаль, гэтых людзей сёння амаль ужо няма ў жывых. А яшчэ мой бацька — франтавік, ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Калі я быў малы, ён заўсёды браў мяне на сустрэчы са сваімі франтавымі сябрамі. Іх балючыя ўспаміны на ўсё жыццё пакінулі след у маім сэрцы.
— Што скажаце пра старэйшае пакаленне слуцкіх краязнаўцаў? Ці былі, напрыклад, знаёмы з Рыгорам Родчанкам?
— Краязнаўцаў на Случчыне не так многа. Са старэйшага пакалення — гэта, канешне, нумар адзін — Родчанка Рыгор Віктаравіч, з якім я сустракаўся на мерапрыемствах, але асабіста не быў знаёмы, і яшчэ — Анатоль Пятровіч Грыцкевіч, які хоць і нарадзіўся ў Мінску, але бацька яго родам з выбранецкай вёскі Варкавічы. Вядома яго, Грыцкевіча, кніга «Древний город на Случи».
— Дарэчы, як на ваш погляд, лагічна было б зараз перавыдаць асобнай кнігай усе краязнаўчыя даследванні Рыгора Родчанкі?
— Перавыдаць неабходна, бо гэта такая вялікая праца, якая патрабуе многа часу і вялікіх намаганняў. Яго кнігі «Слуцкая старасветчына», «Старэйшая школа Беларусі», мноства нарысаў — гэта ж сапраўдная энцыклапедыя гісторыі слуцкай зямлі.
— Як бы вы ахарактарызавалі стан краязнаўчай працы на Случчыне, у Слуцку зараз?
— Паўтаруся зноў, што краязнаўцаў не вельмі шмат на Случчыне. Вялікую працу зараз на ніве краязнаўства робіць Валянціна Сцяпанаўна Відлога. Яе кніга «Слуцк. По старым адресам», якая выйшла ў 2019 годзе, уяўляе сабою сапраўдны даведнік па гісторыі вуліц нашага горада. А Ігар Адамавіч Ціткоўскі — знаўца архітэктуры і мастацтва краю, Анатоль Уладзіміравіч Жук, які цікавіцца храналогіяй мінуўшчыны роднай Случчыны, займаецца пошукам літаратараў усяго Слуцкага краю, Андрэй Мікалаевіч Папоў, які даследуе гісторыю праваслаўя Слуцка-Салігорскай епархіі, Уладзімір Уладзіміравіч Бойка, які не толькі краязнаўца, але яшчэ калекцыянер і мецэнат, займаецца пошукам загінуўшых воінаў Чырвонай Арміі... Гэтыя людзі ўражваюць сваёй апантанасцю. Веру, што іх прыклад дапаможа і іншым выбрацца на сцяжыну краязнаўчых пошукаў...
— Якая кніга, на ваш погляд, з’яўляецца найболей значным творчым патрэтам Слуцкай старонкі?
— Вельмі добра, што ў апошнія некалькі гадоў выйшлі значныя кнігі, па якіх можна вывучаць гісторыю нашага горада. Гэта і даследаванні Ігара Ціткоўскага «Гісторыя горада ў помніках архітэктуры», якая з’явілася ў 2015 годзе, і Міколы Волкава «Слуцк на старых планах», выйшла ў 2017 годзе, і згаданая кніга Валянціны Відлога «Слуцк. По старым адресам», якая выдадзена ў 2019 годзе. Трэба адзначыць шыкоўнае афармленне гэтых кніг.
— Ці дастаткова ўважлівыя мясцовыя сродкі масавай інфармацыі для краязнаўчай праблематыкі?
— Можна казаць, што раённая газета «Слуцкі край» дастаткова ўважліва ставіцца да тэмы краязнаўства. На яе старонках рэгулярна з’яўляюцца матэрыялы, прысвечаныя гісторыі Случчыны, публікуецца шмат звестак пра ваенныя падзеі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, артыкулы пра слынных літаратараў нашага краю. Ніколі журналісты газеты не абыходзяць увагай ветэранаў, якіх засталося ўжо вельмі мала.
— На ваш суб’ектыўны погляд, ці можна гаварыць пра ўплывы краязнаўства на духоўнае, маральнае, патрыятычнае выхаванне ў грамадстве?
— Краязнаўства мае некалькі напрамкаў: духоўна-маральнае, ваенна-патрыятычнае, літаратурнае. Сёння як ніколі зразумела, што без выхавання патрыятычных пачуццяў падрастаючага пакалення і моладзі мы не зможам рухацца наперад, таму што наша будучыня павінна мець свой духоўна-маральны стрыжань — любоў да сваёй Радзімы. А гэтым якраз і займаецца краязнаўства.
— Сёлетні, 2022-гі, год абвешчаны ў нашай краіне Годам гістарычнай памяці. Якую найперш грамадскую задачу вы бачылі б перад сабой, у кантэксце вашых даследчыцкіх зацікаўленняў?
— Краязнавец — чалавек, які перадае традыцыі сваіх продкаў сваім спадчыннікам. Менавіта ад цябе, як грамадзяніна і патрыёта, залежыць, каб гэта сувязь часу і пакаленняў не перарвалася. Свет знікне, калі мы забудзем горкія, страшныя урокі гісторыі. Таму, у 2022 годзе, які абвешчаны Годам гістарычнай памяці, працягнецца пошукавая работа ў гэтым напрамку, запіс успамінаў, правядзенне педагагічных заняткаў па гісторыка-краязнаўчай тэматыцы, міні-тураў па вуліцах Слуцка. Дарэчы, у гэтым годзе спаўняецца 50 гадоў з часу стварэння помніка-скульптуры на месцы былой спаленай вёскі Пераходы, які быў адкрыты як даніна памяці ўсім спаленым вёскам на Случчыне. Якраз пра трагічныя падзеі ў гэтай вёсцы быў зняты фільм «Ідзі і глядзі» рэжысёра Элема Клімава. У мінулым годзе аб’яўлены збор сродкаў і адкрыты разліковы рахунак на рэстаўрацыю помніка. Давайце, не застанемся ў баку ў захаванні гістарычнай памяці.
— І апошняе пытанне... Ваша пажаданне тым юным шукальнікам звестак пра родны край, якія толькі робяць свае першыя крокі ў краязнаўстве...
— Ад маладога пакалення зараз залежыць, наколькі доўга будзе захоўвацца памяць пра нашых продкаў. Таму цікаўным, адкрытым аматарам краязнаўства жадаю любіць свой край, месца, дзе ён жыве, цікавіцца гісторыяй сваёй малой радзімы. Як прыклад: зусім нядаўна майму сыну трапіла ў рукі кніга Валянціны Сцяпанаўны Відлога пра старыя вуліцы Слуцка. Ён нешта выпісваў, чытаў услых, а затым сказаў, што гэтую кнігу абавязкова павінен прачытаць кожны случчанін.
Крынiца: Звязда
Slutsk-Gorod.by
Милиция устанавливает местонахождение случчанина, уехавшего на заработки в РФ
Разыскивается Старастович Сергей Николаевич, 1976 г.р., житель г. Слуцка, который в мае 2024 уехал в РФ на заработки и до настоящего времени его местонахождение неизвестно.
В Слуцке пешеход попал под колеса автомобиля
Утром, 20 ноября, на ул. Тутаринова произошло ДТП: 30-летний водитель на Suzuki Baleno совершил наезд на 64-летнего местного жителя, который переходил проезжую часть в неустановленном месте.
Медсестра из Слуцка выиграла крупную сумму в лотерее
Снежаны Тарасевич, медсестра инфекционного отделения Слуцкой центральной районной больницы, выиграла в лотерею «Удача в придачу» 50 000 рублей.
Больничный оказался меньше обычного: что произошло?
В Беларуси изменился порядок расчета больничных, и теперь некоторые граждане получат меньшие выплаты, чем ожидалось. Министерство труда объяснило причину.
Золото и Гран-при. Продукция Слуцкого хлебозавода снова признана лучшей
Согласно результатам международного дегустационного конкурса и республиканского смотра качества, продукция ОАО «Слуцкий хлебозавод» признана лучшей.