Можаце мне не верыць, але я да апошняга не была ўпэўнена, што ў маёй вёсцы фальсіфікуюцца выбары. Сур’ёзна. Пайшла ў назіральніцы, бо немагчыма было інакш. Толькі вагалася – Мінск ці Вясея. Падумала, што ў сталіцы людзей хапае, а вось у Вясею (участак №36 для галасавання па Слуцкаму раёну) дакладна ніхто назіраць не паедзе.
Так і было, напачатку. Вясейцы – разумныя людзі, хаця і запужаныя. Спачатку нават не верыла, што збяру за сябе 10 подпісаў. Сабрала, а разам з тым знайшла сяброў і памочнікаў. Моцных духам людзей, якія ведаюць, што такое смеласць і шчырасць.
Пачыналася ўсё цудоўна. У першы дзень я была адна з незалежных назіральнікаў. Сядзела на крэсле, прапанаваным адным з членаў камісіі, старшыня камісіі прыгашчала персікамі, размаўлялі. Няўжо я тут дарма? Так, прысутнічаў нейкі маральны ціск – ігнараванне з боку назіральнікаў, асуджэнне з боку членаў камісіі. Аднак і тут я магла іх зразумець. Мне здавалася, што мяне ўспрымалі як “праверку”. Хто ж тут будзе рады?
Мае ілюзіі пачалі бурыцца ўжо на наступны дзень. Нас з маім настаўнікам (таксама акрэдытаваным назіральнікам) выгналі з участка і адабралі крэслы. Спрабавалі выгнаць са школы. Аднак іх метад “інтрыг за спіною” не спрацаваў. А сказаць у твар было “слабо”. І страшна.
Пасля 7 гадзін на нагах перад “усмешлівымі” тварамі членаў камісіі пачынаеш адчуваць злосць. Баліць спіна, адчуваеш стому. Побач – дарагі настаўнік з хворымі нагамі. Стаіць і глядзіць камісіі ў вочы. Вочы апускаюцца. Усмешкі знікаюць. Занавес.
Аднак пратакол і яўка сыходзяцца. Да камісіі адно пытанне – за што?
Не, у нас таксама было ўсё далёка ад ідэала – урна са шчылінамі (заклеілі), адсутнасць шторкі і незаконная забарона на фатаграфаванне. Аднак самае галоўнае – яўка – супадала. І ў нас была надзея.
А пасля прыехала міліцыя. На размову. Разнервавалі старшыню. Не спадабаўся жарт. І як пацук – ні аднаго слова ў твар, толькі за спінамі. Старшыня пакрыўдзілася. Калі крыўдзіцца Лукашэнка, некага садзяць у вязніцу. Калі чыноўнікі – міліцыя на размову. Гэта на першы раз. На другі – паедзеце з намі.
Самае цікавае, як і планавалася, было ў канцы. 9 жніўня. Атмасфера свята. Нават у нас – сто чалавек з белымі стужкамі, падтрымкай і бюлетэнем “гармонікам”. Фатаграфуюць. Абураюцца адсутнасцю шторак.
На ўваходзе БРСМ апытваюць, за каго галасавалі. Людзі здзіўляюцца. А так можна? У нашай краіне можна толькі ім. Для астатніх – падсудная справа.
Першы хіб выйшаў выпадкова. З надомным галасаваннем. Старшыня дрэнна палічыла лічбы. Па яе версіі было 108 заяў на надомнае. Аднак я звярнула ўвагу, што па маім падлікам на дамы «адчаліла» ужо 129 бюлетэняў. Як так? Паспелі замовіць? 21 чалавек за 5 хвілін? Не смяшыце мае дыёды. Пакажыце журнал з заявамі. Прынясеце з кабінета? Акей, чакаю. Старшыня і сакратар сыходзяць у кабінет. Стаўлю секундамер. 45 хвілін. Выходзіць – 140 заяў на надомнае. Пажаная Валодзіна Алена Анатольеўна, я наіўная, але не дура. Пішу скаргу.
Вырашылі ісці галасаваць апошнімі. Сімвалічна, плюс больш шансаў застацца на падлік. 4 назіральніка і 1 выбаршчык.
19:55. Збіраемся ісці галасаваць. У калідор убягае натоўп сілавікоў. У масках. Я больш не дыхаю. З боку чую:
— Рана.
Рана для чаго? Рана весці мяне ў турму?
— Вы прагаласавалі?
— Яшчэ не.
Сілавікі пакідаюць калідор. Мы з настаўнікам ідзем галасаваць. Галасую 5 хвілін. Да 20:00. Разам ідзем у калідор. Сілавікоў няма. Няўжо пашанцуе? Не, падыходзіць міліцыянт з участка. Здаецца той, што ў першы дзень глядзеў у піянерскай Нехту.
— Покиньте, пожалуйста, помещение.
— Эм…
— Послушайте меня, делаю вам одно предупреждение. В случае невыполнения моего предупреждения будете задержаны, как и все остальные.
— А вы можаце назваць сваё імя?
— Здесь находится 5 наблюдателей. Вам 1 минута покинуть помещение.
— Вы можаце назваць сваё імя?
— Я не обязан представляться. Согласно своим нормативно-правовым документам. – хлусіць іспектар інспекцыі па справам непаўнагадовых старэйшы лейтэнант міліцыі. 21 стагоддзе на двары. Гугліць умеем.
Далей гэта “інкогніта” пачынае нам нагадваць пра ўчастак (а мы ў калідоры – не на тэрыторыі ўчастка), пра 5 назіральнікаў і тэлефанаваць начальніку міліцыі. Мы сыходзім. Калі хто яшчэ не ведае, наш забыты богам участак у дзень выбараў наведаў сам старшыня Слуцкага РАУС.
Перад школай стаіць старшыня РАУС, нейкі міліцыянт і ў наручніках выбаршчык. Начальнік пагражае нам затрыманнем. Адыходзім. За намі ў браму школы на хуткасці залятае бус з сілавікамі. Аднак у тую ж секунду чуем у іх у рацыі:
— Блакуйце “пасат”, блакуйце “пасат”.
— Мы ўратаваны. Старшыня сельсавета глядзіць праз дарогу на затрыманні.
— Спасибо вам, Елена Анатольевна, — кажа мой настаўнік.
— За что?
— За кровь и боль.
— Ну и вам спасибо. За небольшую смуту.
Мяне вучылі ў школе, што дабро перамагае. І там было ўсё проста. Чырвоны каптурок- дабро, воўк – зло. Не вучылі толькі, што мае суседзі могуць быць ваўкамі. Як быццам вайна. Як быццам Рыбак і Сотнікаў. Два выбаршчыка незаконна затрыманы. Той самы іспектар інспекцыі па справам непаўнагадовых праз 30 хвілін цягне па вуліцы авоську, набітую ежай. Члены камісіі ўсю ноч куцяць дома ў старшыні. Занавес.
P.S. “Паважаныя” члены камісіі, перачытайце В. Быкава. Яму ёсць што вам сказаць.
Васільева Вераніка
для Slutsk-Gorod.by
В Слуцке пешеход попал под колеса автомобиля
Утром, 20 ноября, на ул. Тутаринова произошло ДТП: 30-летний водитель на Suzuki Baleno совершил наезд на 64-летнего местного жителя, который переходил проезжую часть в неустановленном месте.
Больничный оказался меньше обычного: что произошло?
В Беларуси изменился порядок расчета больничных, и теперь некоторые граждане получат меньшие выплаты, чем ожидалось. Министерство труда объяснило причину.
Мама маленькой случчанки, для которой собирали средства на лечение после перенесённого обширного инсульта, делится событиями из жизни семьи, и благодарит всех неравнодушных людей за спасение дочери.
В Слуцке у здания «Торгового центра» в 11-ом городке сделали подсыпку дорожного покрытия
Жители 11-го городка ни раз жаловались на качество дорожного покрытия напротив здания «Торгового центра» по ул. Социалистическая.
Пополнился список мошеннических аккаунтов из "Instagram"
На сегодняшний день в списке более 20 действующих аккаунтов, которые являются мошенническими и разводят людей на деньги.
Комментарии