Послушать песни о Слуцке можно на этой странице - http://slutsk-gorod.by/o-slutske/pesni-o-slutske
"Слуцкия ткачыхи" (Максім Багдановіч)
Ад родных ніў, ад роднай хаты
У панскі двор дзеля красы
Яны, бяздольныя, узяты
Ткаць залатыя паясы.
І цягам доўгія часіны,
Дзявочыя забыўшы сны,
Свае шырокія тканіны
На лад персідскі ткуць яны.
А за сцяной смяецца поле,
Зіяе неба з-за вакна —
І думкі мкнуцца мімаволі
Туды, дзе расцвіла вясна,
Дзе блішча збожжа ў яснай далі,
Сінеюць міла васількі,
Халодным срэбрам ззяюць хвалі
Між гор ліючайся ракі.
Цямнее край зубчаты бора...
І тчэ, забыўшыся, рука
Заміж персідскага узора
Цвяток радзімы васілька.
Слуцкая лазня (Константин Цыбульский)
У слуцкай лазні пахне спелым дубам
I маладым бярозавым лістом.
Калі ад пары венікі усчубяць,
З палка, браток, не упадзі пластом.
Тут пахне півам, што свярбіць у роце.
Трашчаць сухія плоткі, шчупакі.
I рояцца ля столікаў у поце,
Расчырванелыя ад пары слуцакі.
Гамонка тут, нібы на Камароўцы,
Пра Польшчу, пра палітыку ў вярхах.
Народнае падсоленае слоўца
Смакуецца на вострых языках.
Пачуеш тут пра бойкі і здарэнні…
Інтым для слуцкай лазні – навіна!
«Яго ў машыне бачыў … без адзення,
Ды разам з ім была… яна…»
У рогаце – пра Пецьку анекдоты,
У слёзах – успамін франтавікоў.
Тут лечацца хваробы і згрызоты,
Тут пераблытана з нядзеляю субота,
I піва ў куфлях пеніцца наноў.
…У слуцкай лазні пахне спелым дубам,
Духмяністым бярозавым лістом.
Калі ад пары венікі усчубяць,
З палка, браток, не упадзі пластом…
Горад легенд (Константин Цыбульский)
Плыве над Слуцкам тапаліны пух,
I смех дзяцей, і песні на радзінах.
Сафіі Слуцкай неўміручы дух,
Зачараваны клёкатам бусліным.
Горад, майго кахання горад,
Маіх трывог і спадзяванняў сны.
Продкаў, моваю гавораць
Тут вуліцы, і клёны, і дамы.
З легендаў старажытная зямля,
Дзе Случ блакітнавокая віецца.
Калі сюды вяртаешся здаля,
У хваляванні доўга б’ецца сэрца.
Сумленны і спагадлівы народ
Жыве адной рупліваю сям’ёю.
Чацвёрты кожны ў сорак першы год
Абпалены далёкаю вайною.
Слуцкая крынічанька (Константин Цыбульский)
Напеўнымі вятрамі
I песнямі сагрэта.
Тут славяцца вякамі
Музыкі і паэты.
Тут мурагі шаўковыя,
Тут салаўі прыручаны,
Таму цябе, вясновая,
Завуць пяшчотна – Случчына.
Прапахлі збажыною
I рукі, і аблокі.
Тут весняю парою
Пяе жаўрук высока.
Крынічка-неўгамонка
Ля явара бруіцца.
Случанская старонка
Світальнай зоркай сніцца.
Случчына (Васіль Вітка)
Ёсць на зямлі такі куток,
З якім навек я злучаны,
Адкуль ступіў свой першы крок –
Мая радзіма – Случчына.
Не зводзіліся ўсе вякі
На Случчыне паэты.
Вянкі іх песень – рушнікі,
Сурвэты – іх санеты.
Увекавечыў Слуцак нас
Сваімі паясамі.
А пра цяперашні наш час
Вы ведаеце самі.
Пачуўшы ад старых людзей,
На ўласны смак праверыў –
Няма нічога саладзей
Славутай слуцкай бэры.
А тыя, хто памаладзей,
Перадаюць унукам –
Няма нічога саладзей,
Чым слаўны слуцкі цукар.
Сябры, паверце земляку:
За век свой некароткі
Я ўпэўніўся, што случаку
Увесь наш край салодкі.
Сакуны (Васіль Вітка)
Мы на Случы ўсе – сакуны,
Завомса сакунамі.
Спрадвеку хлеб наш сакаўны
І мова сакаўная.
Звязала рушніком рака,
Тугім вузлом злучыла
З лесавіком палевіка
І дружбе навучыла.
Здавён адзін на аднаго
Мы не глядзелі скосо,
І хоць пабачылі ўсяго –
Усё перажылосо.
Наб"е гузак, хто вытнецца,
Пацэліць той, хто меціцца.
Бо як яно рабіцьмецца,
Дык так яно і мецьмецца.
І нечага аюцкаць,
Калі пастух някемны,
У слуцку ўсё па-людску –
І случакам прыемна.
Яшчэ ў калысцы спіць сысун,
А толькі абазваўса,
І ўжо ён – выліты сакун,
Увесь у бацьку ўдаўса.
Глядзіш, мацнейшыя харчы
У місе падварушвае.
Не трэба нават і вучыць –
Так лыжкай апічушвае.
Расце сабе, у вус не дзьме,
Наказ шануе дзеда:
На Случчыне Андрэй Кузьме –
Заўсёды родны Хведар.
І сам удаўса я такі,
Шчаслівы вам прызнацца:
З адной рукі, з другой рукі –
Скрозь слуцкае сваяцтва.
Дадому еду – і здалёк,
Нібы палотны белячы,
Бяжыць бярозавы гаёк,
Дарогу сцелюць Еўлічы.
Пра іх ніколі на вяку
Нідзе не мог забыцца.
У весніцах стары цвыркун
Пілуе марш на скрыпцы.
Чмель трубіць у гарбузны цвет
На ўсё сяло святочнае.
Не блізкі абышоўшы свет,
Канцы з канцамі сточваю.
Тут між балотнага куп"я
Ўзлятала песня кнігаўкай.
Зрасталася душа мая
З маёю лепшай кнігаю.
У ёй – імёны, адрасы,
У ёй – мае случане,
Жывых – жывыя галасы
І тых, што замаўчалі.
Падчас і я ў трубу трублю,
На скрыпачцы пілую,
Што, мілую, цябе люблю,
Зямлю сваю – малую.
А ты жыццё прайшла са мной,
У свет вяла і клікала.
Ніколі без цябе, малой,
Не знаў бы я вялікае.
Яшчэ не сплочаны мой доўг.
Перад табою немы,
Я ўсё шукаю свой радок
Дзеля тваёй паэмы.
Прад імі Случчына ляжала (Якуб Колас)
Прад імі Случчына ляжала,
Старонка міла і багата.
Народ, відаць, жыў панавата,
Прынамсі, добра і заможна,
Па ўсім аб гэтым судзіць можна:
Па ветраках, такіх удумных,
І па абэржах* гэтых, гумнах,
Па старасвецкіх азяродах,
Па гарбузах на агародах,
Па тытуню і па садочках,
Дзе хаты ніклі, бы ў вяночках.
А тыя ліпы ці таполі!
Такіх не бачылі ніколі:
Развіслы, тоўсты, сакавіты,
Гамоняць з небам – паглядзі ты!
За многа вёрст здалёк відаць.
– Ну, дрэвы! нечага сказаць;
Зямля, брат, сілы многа мае –
Такія вежы выганяе!
А роўнядзь, роўнядзь! як далоні! –
Міхал зазначыць ці Антоні:
– Эх, брат, зямля: ўміраць не трэба,
Не пашкадуе табе хлеба.
Ўсё прыцягала іх увагу:
Ці ўстрэнуць родную сярмягу –
І людзі простыя так ветлы,
І погляд добры іх і светлы
Так да душы і пранікае
І сэрца цешыць і ласкае;
Ці хутарочак пападзецца,
Ну, як знаёмы, усміхнецца!
Ці гэта вёска з ветракамі
І з прыдарожнымі крыжамі, –
Ўсё так павабна, так адметна,
І ўсё вітала іх прыветна,
Бы тая блізкая радня.
Комментарии