«Слуцкім песьнярам» — 100 гадоў

В разговоре о книге «Сто асоб слуцкай мінуўшчыны» её автор Анатолий Жук упомянул о том, что в нынешнем году исполнилось сто лет со времени выхода в свет сборника поэзии «Слуцкія песьняры».  По нашей просьбе он рассказал подробнее об этом факте слуцкой истории (в названии книги и далее в цитатах из неё сохранено правописание того времени).

У Слуцку — філія «Маладняка»

«Слуцкія песьняры» — так называецца зборнік паэтычных твораў удзельнікаў Слуцкай філіі аб’яднання беларускіх савецкіх пісьменнікаў «Маладняк». Аб’яднанне створана ў Мінску ў 1923 годзе, а яго філія ў Слуцку — у канцы мая 1925 года па ініцыятыве тагачаснага рэдактара слуцкай акруговай газеты «Вясковы будаўнік» Паўлюка Шукайлы. Узгадаем, што ў 1924—1927 гадах Слуцк быў «сталіцай» акругі з сямі раёнаў: Слуцкага, Грэскага, Капыльскага, Любанскага, Старадарожскага, Старобінскага, Чырвонаслабодскага. У 1926 годзе насельніцтва акругі складала 309,4 тысячы чалавек.

Слуцкую філію «Маладняка» ўтварылі пяць найбольш актыўных аматараў літаратурнай творчасці. Да восені да іх далучыліся яшчэ некалькі чалавек, і на першым з’ездзе «Маладняка» (25—29 лістапада 1925 года ў Мінску) Паўлюк Шукайла ў справаздачы сказаў, што «ў сучасны момант філія налічвае 11 сяброў і 17 кандыдатаў». Паэт Анатоль Вольны лічыў, што па арганізацыйных пытаннях Слуцкая філія – «самая моцная» і яе можна ставіць у прыклад іншым. Філія наладжвала літаратурныя вечары з удзелам Кузьмы Чорнага, Язэпа Пушчы і іншых пісьменнікаў, рыхтавала літаратурныя старонкі ў акруговай газеце, выдавала да яе дадатак — «Літаратурны маладняк Случчыны».

На тым жа з’ездзе «Маладняка» Паўлюк Шукайла «пахваліўся», што «знаходзіцца ў друку зборнік 5 актывістых філіі пад назвай “Слуцкія песьняры”. Падрыхтоўваюцца да друку 5 кніжак паасобна лепшых песьняроў». На шостай старонцы газеты «Чырвоная змена» за 15 лістапада 1925 года пад загалоўкам «Літаратурныя навіны» чытаем, што «падрыхтованы да друку» кнігі паэзіі і прозы маладнякоўцаў Андрэя Александровіча, Анатоля Вольнага, Кандрата Крапівы, Уладзіміра Дубоўкі, Язэпа Пушчы і зборнік вершаў «Слуцкія песьняры». Што і казаць — «кампанія» ў случакоў была неблагая.

Што ў зборніку?

Прыкладна праз паўгода зборнік твораў слуцкіх паэтаў (64 старонкі) пабачыў свет як выданне Цэнтральнага бюро «Маладняка». На другой старонцы бачым паметку:

 

Рэдакцыйна-выдавецкі аддзел Цэнтральнага бюро «Маладняка» ў прадмове да зборніка пісаў, што слуцкія «...маладыя песьняры на правільнай дарозе... Зразумела... трэба працаваць маладым поэтам, трэба скарыстаць дасягненьні ранейшыя і даць да гэтага сваё новае — вось шчырая наша рада слуцкім таварышам. Іншыя маладнякоўскія філіі павінны прыгледзецца да творчых дасягненьняў Слуцкай філіі…»

Паэтычны зборнік «Слуцкія песьняры» змяшчае 28 твораў пяці аўтараў: Паўлюка Шукайлы (5), Язэпа Сукалы (8), Апанаса Атавы (8), Янкі Відука (5), Іды Чырвань (2). Іх асноўныя тэмы — праца на карысць грамадства, пабудова сацыялістычнай рэспублікі, постаць і роля лірычнага героя ў новых сацыяльна-эканамічных умовах. Як пісаў Язэп Сукала,

Той, хто ўчора стагнаў пад варожай рукой,

Сонцам праўды ён сёння сагрэты.

 Аўтары не абышлі ўвагай пейзажныя замалёўкі, лясы і палеткі роднага краю, і тое, як

Завіруха гудзе

і сыпле мне сьнегам у вочы…

Ну і як жа паэты (маладыя!) маглі абысціся без тэмы кахання! Паўлюк Шукайла, можна сказаць, у апошні момант уключыў у зборнік напісаны 1 снежня 1925 года верш «Расьцвіло», прысвечаны загадкавай асобе — Н. С. Б. (Наталлі? Ніне?) А Іда Чырвань прызнавалася, як

Закахалася бурай, грымотай,

што бліскоча і б’е пяруном…

 «Лебядзіная песня» паэтаў-случакоў

Выхад у свет паэтычнага зборніка «Слуцкія песьняры» — яркая старонка ў культурным жыцці нашага краю. Асабліва калі ўспомніць, што ў той час у Беларусі развівалася сетка культурніцкіх устаноў, у тым ліку бібліятэк, школ. У Слуцку функцыянавалі прафесіянальна-тэхнічная школа, будаўнічы і сельскагаспадарчы тэхнікумы (пры сельгастэхнікуме была сямігадовая школа з сельскагаспадарчым ухілам). У горадзе і населеных пунктах акругі дзейнічалі дзясяткі курсаў, гурткоў ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці. Гэтаму садзейнічала тое, што 15 ліпеня 1924 года Другая сесія Цэнтральнага выканаўчага камітэта БССР аб’явіла беларусізацыю афіцыйнай палітыкай нацыянальна-дзяржаўнага і нацыянальна-культурнага будаўніцтва ў Беларусі.

Здавалася, складваліся спрыяльныя ўмовы для творчай дзейнасці слуцкіх паэтаў, пашырэння колькаснага складу і арганізацыйнага ўмацавання філіі «Маладняка». Аднак зборнік «Слуцкія песьняры» стаў «лебядзінай песняй» мясцовых паэтаў. У 1926 годзе спынілася выданне газеты «Вясковы будаўнік». Ініцыятыўны, няўрымслівы Паўлюк Шукайла пераехаў у Расоны Віцебскай вобласці, куды яго накіравалі на працу сакратаром раённага камітэта Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі. Кіраўніцтва слуцкай маладнякоўскай філіяй ён перадаў Язэпу Сукалу, але таму не ўдалося падтрымаць арганізацыйны і творчы набытак свайго папярэдніка. Ні пра якое выданне абяцаных Паўлюком Шукайлам пяці асобных кніжак слуцкіх паэтаў не магло быць і размовы. Філія сяк-так праіснавала да чэрвеня 1927 года. А 6 чэрвеня 1927 года была скасавана і Слуцкая акруга, яе тэрыторыю раздзялілі паміж Бабруйскай і Мінскай акругамі. Некаторыя слуцкія паэты ўваходзілі ў склад Бабруйскай і іншых філій «Маладняка», у «Беларускую літаратурна-мастацкую камуну».

Лёсы «песьняроў»: дваіх расстралялі...

Па-рознаму склаліся лёсы слуцкіх паэтаў (іх здымкі — з кнігі «Слуцкія песьняры»). 

Паўлюк (Павел Захаравіч) Шукайла (1904 —1939) пасля работы ў Расонах восенню 1927 года арганізаваў у Мінску аб’яднанне «Беларуская літаратурна-мастацкая камуна». У 1930 годзе арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі», але справу неўзабаве спынілі. У той жа год выдаў кнігу паэзіі «Акрываўленая зямля», якая стала першай і адзінай у яго літаратурнай біяграфіі. Паўлюк Шукайла працаваў загадчыкам кафедры ў Інстытуце кінематаграфіі ў Маскве, кіраваў Беларускай секцыяй Маскоўскай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў, быў рэдактарам маскоўскай газеты «Кино», дырэктарам Цэнтральнага тэхнікума тэатральнага мастацтва. З 1932 года — віцэ-прэзідэнт Дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (Ленінград). З 1936 — зноў у Маскве, пісьменнік-сцэнарыст фабрыкі «Межрабпомфильм». Арыштаваны 1 лістапада 1938 года, Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 13 красавіка 1939 года прыгавораны да вышэйшай меры пакарання за «ўдзел у контррэвалюцыйнай тэрарыстычнай арганізацыі». Расстраляны ў Маскве («Камунарка»). Рэабілітаваны 14.4.1959.

Язэп (Іосіф Пятровіч) Сукала (1901—1937) працаваў настаўнікам у вёсцы Гулевічы Капыльскага раёна, адкуль быў родам. Арыштаваны 30 мая 1929 года, 10 лістапада 1929 прыгавораны да трох гадоў высылкі ў расійскую Карэлію. Вызвалены 23 сакавіка 1932 года. Зноў арыштаваны ў 1937 годзе. Расстраляны 23 верасня 1937 года ў Мінску. Рэабілітаваны 2 сакавіка 1992 года. Падставай для рэпрэсій магло быць тое, што Язэп Сукала ўдзельнічаў у Слуцкім збройным чыне ў 1920 годзе, быў сябрам Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў).

Адным з самых актыўных і здольных сяброў Слуцкай філіі «Маладняка» быў Апанас Атава (1903—1962) з Нявязцаў Слуцкага раёна. Апанас Майсеевіч Канановіч (яго сапраўднае прозвішча) пасля заканчэння Мінскага настаўніцкага інстытута настаўнічаў у Слуцкім, Лунінецкім, Любанскім раёнах. На 1920-я—1930-я гады прыпадае яго найбольшая творчая актыўнасць. Пра яго літаратурныя творы больш позняга перыяду пакуль што нічога не вядома.

Янка Відук працаваў у рэдакцыі газеты «Вясковы будаўнік», куды яго запрасіў Паўлюк Шукайла. Янку Відука мы пазней ведаем як Яна (Івана Аляксеевіча) Скрыгана (1905—1992), ураджэнца вёскі Труханавічы цяперашняга Капыльскага раёна. У 1936 годзе яго, супрацоўніка газеты «Літаратура і мастацтва», арыштавалі, прыгаварылі да 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў і выслалі ў Кемераўскую вобласць Расіі. Пасля вызвалення працаваў ва Узбекістане, у Эстоніі. У 1949 годзе — зноў арышт і высылка ў Сібір. У 1954 годзе ўсе абвінавачванні з яго былі зняты, Іван Аляксеевіч вярнуўся ў Беларусь. З цягам часу стаў знаным пісьменнікам, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР, заслужаным работнікам культуры Беларусі.

Іда Чырвань (Зінаіда Гервасьеўна Кобрык; 1906—1941) родам з Магілёва, а ў Слуцку апынулася пасля таго як сюды прыехаў яе бацька на працу начальнікам тэлефоннай станцыі. У нашым горадзе яна пазнаёмілася з Кузьмой Чорным і з ім паехала ў Мінск. Праўда, хутка яны рассталіся. Пасля паэтэса яшчэ двойчы была замужам. 4 мая 1928 года ў сям’і Зінаіды Кобрык і Івана Цяўлоўскага нарадзіўся сын. З трэцім мужам, інжынерам-будаўніком Уладзімірам яна жыла ў Брэсце. У 1941 годзе з маці і сынам паехала на курорт Мінеральныя Воды (Стаўрапольскі край Расіі), дзе і памерла ад сардэчнага прыступу праз некалькі дзён пасля пачатку Вялікай Айчыннай вайны. З твораў Іды Чырвань вядомы толькі вершы, напісаныя ў 1925 годзе.

Информация предоставлена Анатолием Владимировичем Жуком.
Slutsk-Gorod.by

09.10.2026

Самое читаемое на сайте за последние дни

Поделиться в соц. сетях: